Нататкi з псiхушкi. Журналiст выдала дзеннiк з закрытага жаночага аддзялення псіхіятрычнай клінікі
Нататкi з псiхушкi. Журналiст выдала дзеннiк з закрытага жаночага аддзялення псіхіятрычнай клінікі
Журналiст, лiтаратурны крытык Марына Весялуха правяла сем дзён у закрытым жаночым аддзяленні псіхіятрычнай клінікі. На сайце 24health.by яна выдае свае «Нататкi з псiхушкi». Гэта — дзень першы (з этычных меркаванняў імёны герояў зменены).
Медсёстры і санітаркі называюць усіх хворых «дзевачкамі». Гэта выглядае вельмі дзіўна, калі ведаць, што дзевачка тут — гэта і 17-гадовая дзяўчына, і падлетак, і жанчына на 9-м месяцы цяжарнасці, і ўскудлачаная бабуля з адсутным поглядам, і Магдалена (з ёй пазнаёмімся пазней).
— Дзевачкі, ідзём па таблеткі!
— Дзевачкі, пачакайце, порцый хопіць усім, не спяшайцеся!
— Дзевачкі! Ну што гэта за дурдом!
Але ж мы сапраўды ў дурдоме!
***
— Нічога не адбываецца! Калі нешта будзе? Пазваніце тату!
Ліля рэзка падхопліваецца, выбягае з палаты, а потым не можа знайсці ў яе ўваход. Валя роўненька расстаўляе тапачкі суседак па палаце, клапатліва накрывае ўсіх, хто спіць, коўдрамі. Маша, дзяўчынка-інвалід, якой на выгляд 5−6 гадоў (а насамрэч, потым даведаюся, 30), як толькі мама некуды адыходзіць, паўзе праз ложкі, лезе ў маю торбу, дакранаецца да маёй нагі і… аблізвае пальцы. Свае. Я ў жаху прыціскаюся да спінкі ложка. Як засну, яна ж і па мне можа папаўзці!..
Гэта палата нумар 7, адно з самых страшных месцаў лякарні. Тут хворыя, якіх ні на хвіліну нельга пакідаць без нагляду. Страшней — толькі палата 6, дзе знаходзіцца больш як дзясятак хворых, а новенькіх, калі не хапае ложкаў, размяшчаюць на кушэтках. Дзверы — празрыстыя, сцены — з вялікімі шклянымі вокнамі. На вокнах, што выходзяць на двор, — рашоткі. За табой увесь час назіраюць і без суправаджэння нават у прыбіральню нельга выйсці.
Так, я ў псіхушцы, закрытым жаночым аддзяленні псіхіятрычнай клінікі.
У жаху заходжу ў прыбіральню. У кабінках няма дзвярэй. У калідоры — хворыя. У выцвілых халатах незразумелага колеру. З ускудлачанымі ці даўно не мытымі валасамі і пустымі вачамі. Яны паўсюль. Шаркаюць, смяюцца, нешта шэпчуць. Увесь час ходзяць туды-сюды па калідоры. Потым я зразумею, што гэта адзінае месца для шпацыра, бо на вуліцу ў гэту пару года не выпускаюць. Зусім.
***
На шчасце, з палаты назірання мяне хутка пераводзяць у 9-ю. Цяпер на суседніх ложках — шызафрэнічка Люба, якая чуе галасы і ляжыць тут ужо месяц; падлетак Оля, якая не можа запомніць нават самую простую інфармацыю кшталту імёнаў суседак і нумара палаты. Жанчына, якая адмаўляецца есці, увесь час плача і паўтарае «Што я нарабіла, што я нарабіла!».
***
Заходзіла Магдалена, мясцовая бабка-клоўн, якая ляжыць у псіхушцы з мая, прапаноўвала ўсім пагадаць на картах — цыгане навучылі, яшчэ калі была маладая. А перад адбоем яна зноў зайшла да нас і папрасіла Любу зняць з яе сукенку: самой рукі баляць. Пад сукенкай — нават бялізны не было. Так і пайшла ў сваю палату па калідоры.
***
Тут няма мабільных тэлефонаў, стацыянарны — адзін на ўсіх — сродак сувязі са светам. Але патэлефанаваць могуць толькі табе ў спецыяльна прызначаны для гэтага час. Гадзіннік — таксама адзін на ўсіх. Каб даведацца час, трэба прыйсці на пост медсястры.
***
У мяне ў руцэ — катэтар пасля кропельніцы. Я дзен сем не ела, таму зараз «харчуюся» толькі так. Рука баліць, сагнуць яе немагчыма. Нават не ўяўляю, як пераапрануцца ў піжаму. Ды і засынаць страшна…
(Працяг будзе)
Published at Wed, 08 Nov 2017 14:30:00 +0000